Юрась Беленькі: Дэкларацыя аб незалежнасці прымалася няпроста

27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет 12 склікання прыняў Дэкларацыю аб незалежнасці Беларусі. Непасрэдным удзельнікам тых падзеяў быў намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай парты БНФ, тады дэпутат, Юрась Беленькі. Як сказаў палітык “Радыё Рацыя”, самае галоўнае ў тых падзеях тое, што своечасова была агучана ідэя незалежнасці. Зрабіў гэта Зянон Пазьняк яшчэ ў 1988 годзе, – нагадвае Юрась Беленькі:– Гэта было заяўлена публічна. І выклікала вельмі жорсткую рэакцыю з боку кіруючых уладаў у Беларусі. Тады, калі рэспублікі Прыбалтыкі заявілі пра свой шлях да незалежнасці, у прэсе, на тэлебачанні была вельмі вялікая кампанія з боку камуністычнай прапаганды супраць гэтай ідэі. І вось на гэтым фоне заявіць пра незалежнасць, гэта трэба было мець мужнасць. І кампанія супраць Пазьняка і Беларускага Народнага Фронту была вельмі моцная. Імперская сутнасць Расеі не змянілася. Небяспека сёння вельмі вялікая. Таму павінна быць максімальная дыстанцыя ад Расеі, супраца з тэхналагічна развітымі краінамі і ўмацаванне інстытуцый незалежнай нашай дзяржавы.