Загадка ад Барыса Хамайды

Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер і распаўсюднік незалежнай прэсы праводзіць «угадайку» для сваіх землякоў. Да “сіняга дому”, дзе ён звычайна распаўсюджвае беларускія кнігі і часопісы, Барыс Хамайда прынёс рэпрадукцыю гравюры мастака Генадзя Ціханава, паведмале “Радыё Рацыя”. – Вось па гэтай карціне трэба ўгадаць, які будынак намаляваны і ў якім ён горадзе. І калі чалавек угадае, то прызам яму будуць беларускія кніжкі. Няхай хоць усе забірае – не шкада, калі ён угадае, што намалявана на гэтай карціне. Па праўдзе сказаць, проста ўгадаць наўрад ці атрымаецца: каб адказаць на гэтае пытанне, трэба ведаць гісторыю Беларусі. На думку Барыса Хамайды, гістарычная падзея 100-гадовай даўніны, якая адбылася ў будынку, адлюстраваным на выяве, мае непасрэдную сувязь з падзеямі 27-га ліпеня 1990-га году. Менавіта таму “ўгадайка” прысвечана заўтрашнім угодкам прыняцця дэкларацыі аб суверэнітэце Рэспублікі Беларусь. Фота: Радыё Рацыя Загадка Барыса Хамайды адрасавана найперш жыхарам Віцебску.