![]()
Хацелася б убачыць мільёны беларусаў, якія б утварылі «жывы ланцуг» ад абласных гарадоў да Менска. 2019-ы год багаты на круглыя даты. Сёлета грамадзяне, у якіх няма праблемаў з памяццю і сумленнем, узгадваюць не толькі 75-годдзе вызвалення Беларусі, але і 80-годдзе падпісання ганебнага пакта Молатава-Рыбентропа, які і прывёў да крывавай ІІ Сусветнай вайны. Яшчэ адна важная падзея, якая адбылася праз 50 гадоў пасля пакта Молатава-Рыбентропа, – яркая мірная акцыя, што ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Балтыйскі шлях”. 23 жніўня 1989 года каля двух мільёнаў жыхароў Літвы, Латвіі і Эстоніі, узяўшыся за рукі, стварылі “жывы ланцуг” даўжынёй 600 кіламетраў. Сваім чынам прыбалты прадэманстравалі ўсяму вольнаму свету прагу да незалежнасці і стварэння самастойных дзяржаваў. Зразумела, гэтая акцыя не адбылася спантанна. Ёй папярэднічала вялікая арганізацыйная і асветніцкая праца народных фронтаў трох прыбалтыйскіх краін, а напярэдадні “Балтыйскага шляху” ўплывовыя эміграцыйныя колы Літвы падпісалі на шведскім востраве Готланд “галандскае камюніке”, якое абвяшчала пачатак руху за незалежнасць Літвы.