Адважыцца на рызыку

Усё паказвае на тое, што рызыкаваць — карысна. Насельніцтва Беларусі пасля ўсталявання аўтарытарызму ўвайшло ў доўгі перыяд бяспраўнага існавання, калі яно практычна не ўдзельнічае ні ў якіх рашэннях. Грамадзяне жывуць паводле дзяржаўнай мадэлі, зручнай і выгаднай не ім, а ўладнаму клану. Народ, загнаны ў пастку выбараў, перыядычна прыходзіць пад адміністратыўным уціскам у кабіны і пасля маніпуляцый камісій з вынікамі галасавання фармальна нібыта дае права аднаму чалавеку распараджацца сваім лёсам, будучыняй дзяцей і ўнукаў. За 25 гадоў камандная вертыкаль, у якой няма свабоднай канкурэнцыі, натуральнага адбору кадраў на падставе здольнасцяў і высокага ўзроўню прафесіяналізму, стала «жалезабетоннай». Яно і не дзіўна. Аўтакрат стварае ўмовы для кар’ернага росту толькі «сваім людзям», няхай сабе і няўмекам, прафанам. А кіруе з дапамогай «кручка» кампрамату, на якім сядзяць службоўцы, прыўладныя бізнесоўцы, іншая чэлядзь. Дэмакратычным шляхам разарваць сплеценую, нібы клубок гадзюк, уладную канструкцыю, дзе ўсё павязана прагматычнай формулай «ты — мне, я — табе», немагчыма.