![]()
Бацька марыў, каб сын стаў пісарам, але насуперак яго волі той выправіўся за тысячу кілямэтраў, каб вучыцца на будаўніка. У 27 ён заснаваў уласную кампанію, адкрыў завод, адвучыўся ў Парыскай архітэктурнай школе і стаў адным з заснавальнікаў беларускага мадэрну і нэаготыкі ў дойлідзтве. 150 гадоў таму нарадзіўся Лявон Вітан-Дубейкаўскі, перадае «Радыё Свабода». Калі б наш герой прыйшоў на сьвет у ЗША, то яго жыцьцё магло б стаць сюжэтам мастацкага фільму пра «амэрыканскую мару». Яго гісторыя — гэта натхняльны прыклад таго, як чалавек зрабіў сябе сам і свой талент прысьвяціў справе, якая не давала ніякіх дывідэндаў — будаўніцтву Беларусі. Падпрацоўваў на будоўлі, каб стаць архітэктарамЛявон Дубейкаўскі мог дамагчыся ўсяго, а нават больш, не варухнуўшы нават пальцам. Старажытны род Дубейкаўскіх быў вядомы на Мсьціслаўшчыне яшчэ з XIV стагодзьдзя. Але пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай Дубейкаўскія страцілі сваё багацьце. Бацькі марылі, каб сын атрымаў грашовую працу і настойвалі, каб ён пайшоў у пісары.