![]()
Змаганне беларусаў з «дармаедскім дэкрэтам» дакладна ўвойдзе ў гісторыю. У адрозненне ад іншых прыкладаў, калі дзяржава рашуча наступала на правы грамадзянаў, у 2017 годзе беларусы дабіліся выніка, які можна назваць перамогай. На вуліцы гарадоў, прычым больш ярка сябе праявілі жыхары абласных і раённых цэнтраў, выйшлі людзі, якія раней не праяўлялі вялікага інтарэсу да палітыкі. З прыняццем дэкрэту “аб дармаедстве” на авансцэне з’явіліся іншыя грамадзяне – тыя, хто не асабліва сачыў за палітычнымі падзеямі ў краіне. Што падштурхнула беларусаў змагацца за свае правы? Найбольш папулярным адказам на гэтае пытанне з’яўляецца тое, што абурэнне было выклікана спробай дзяржавы “бессаромна залезці ў кішэню”. То бок, масавы выхад на вуліцу суайчыннікаў быў справакаваны натуральным жаданнем абараніць і без таго сціплы ўзровень дабрабыту, захаваць у сям’і апошнюю капейчыну. Разлік уладаў на тое, што з увядзеннем дэкрэту атрымаецца распаліць нянавісць працуючых афіцыйна беларусаў да суайчыннікаў, якія не маюць працы, праваліўся.