![]()
Такое адчуванне, што кіраўніцтва афіцыйных прафсаюзаў дагэтуль жыве ў Савецкім Саюзе. Марк Цукерберг, калі ствараў у 2004 годзе сацыяльную сетку Фэйсбук, не ведаў, што калісьці камусьці ў далёкай Беларусі ўздумаецца прымушаць няшчасных падначаленых ставіць лайкі і рэпосты. Сетка стваралася для людзей, каб яны маглі падзяліцца там сваімі фотаздымкамі коцікаў і падарожжаў. Аднак праўладны Беларускі прафсаюз работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-побытавых прадпрыемстваў мае іншы погляд. Такое адчуванне, што кіраўніцтва афіцыйнага прафсаюза дагэтуль жыве ў Савецкім Саюзе: стыль арганізацыі так і не памяняўся за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў. Гэта іншыя суполкі па зацікаўленасцях прыдумваюць розныя цікавосткі ды пасты, каб атрымаць паболей падпісантаў ды лайкаў. У афіцыйным прафсаюзе ўсё прасцей. Для чаго напружваць свае маленькія шэрыя клетачкі, як гаварыў Эркюль Пуаро, калі можна разаслаць усім дырэктывы. У Сетку патрапіў дакумент, згодна якому Беларускі прафсаюз работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-побытавых прадпрыемстваў накіраваў ва ўсе пярвічкі просьбу “забяспечыць падпіску на старонку прафсаюза ў Facebook”.