«Кожны габрэй з Налібак быў часткай нашай сям’і»

Нашчадкі жыхароў «Ляснога Ерусаліму» вярнуліся ў Беларусь праз 75 гадоў. У часы ІІ Усясьветнай вайны ў Налібацкай пушчы дзейнічаў найбуйнейшы ў Эўропе габрэйскі партызанскі лягер. Звыш тысячы чалавек уратаваліся ў ім ад Галакосту. Упершыню больш за сотню яго былых жыхароў і іхных нашчадкаў сабраліся ў аўторак разам у тым самым лесе, які выратаваў іх ад сьмерці. 75 гадоў таму, калі немцы пакінулі Беларусь, іх родныя змаглі выйсьці з пушчы, перадае «Радыё Свабоду». Партызанскі лягер пад назвай «Лясны Ерусалім» заснавалі браты Бельскія — Тувія, Асаэль і Зусь. Іх атрад першапачаткова дзейнічаў каля роднай вёскі Станкевічы на Наваградчыне. Ад верасьня 1943-га да ліпеня 1944 году галоўная база атраду была ў Налібацкай пушчы, каля вёскі Кляцішча. Ад зьнішчэньня тут выратаваліся 1200 чалавек. Пасьля вайны большасьць зь іх выехала ў Палестыну і стварала Дзяржаву Ізраіль. Частка трапіла ў ЗША. Налібацкая пушча Жывых сьведак тых драматычных падзеяў засталося няшмат.