![]()
Святкаваць вызваленне Беларусі або перамогу ў вайне трэба, але ўсё ж без залішняй пампезнасці. Трагічных выпадкаў, якія адчайна крычаць сучасным людзям: «Будзьце пільнымі, не паўтарайце памылак!», — у гісторыі чалавецтва не злічыць. Але тыя вучыцца не хочуць. Пра гэта сведчыць складаная, заблытаная сітуацыя, якая па віне аўтарытарных рэжымаў склалася паміж Расіяй i Беларуссю, пiша Сяргей Законнікаў для сайта sn-plus. com. Новы прыступ расійска-беларускай «любові», рэанімацыя Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы 1999 года, курс на інтэграцыю дзвюх краін выклікаюць у расіян і беларусаў старэйшага пакалення згадкі пра камічныя пацалункі ўзасос генеральнага сакратара ЦК КПСС Л. Брэжнева з кіраўніком ГДР Э. Хонэкерам і гарачае абсліньванне былога «арыгінальнага цыцэрона» расійскага прэм’ер-міністра В. Чарнамырдзіна яго тутэйшым калегам В. Кебічам. Да гэтых даўніх эпізодаў сёння дадаюцца тэлесюжэты пра паездкі правіцеляў за мяжу, прыёмы важных гасцей дома, дзе не абыходзіцца без «любошчаў», якія часта выклікаюць усмешкі.