![]()
Успаміны гітарысткі полацкага гурта INDRA. Полацкі гурт «INDRA» браў удзел у «Басовішчы -2007». На той час музыкі гралі разам амаль 4 гады і ўжо мелі першы альбом «Сонцавакол», запісаны ў Беластоку і выдадзены накладам 5 тысяч паасобнікаў, перадае «Радыё Рацыя». Слухачам падабаліся песні, якія выконвалі тады яшчэ зусім маладыя палачане – удзельнікам гурта было ў сярэднім па 20-22 гады. І сама назва калектыву нібыта абяцала перамогу, бо INDRA – гэта імя бога навальніц і апякуна вольных музыкаў у ведычнай культуры. Але перамогу ў спаборніцтве на «Басовішчы-2007» атрымаў іншы гурт, – «ФЛЯУС І КЛЯІНН», які таксама прыехаў з Полацку. І для ўдзельнікаў «INDRA» гэта не ўспрымалася як параза, кажа гітарыстка Марына Шэф:– Увогуле «Басовішча» для нас было сімвалам беларускага року. І што калі мы трапім на яго, то гэта ўжо будзе паказнікам узроўню і вядомасці гурта. Ну, а тое, што мы не перамаглі, – было трошкі крыўдна. Але конкурс – гэта падвышэнне свайго музычнага ўзроўню, у першую чаргу, і задавальненне ад сваёй музыкі ў час выканання.