Пры чым тут ліпень 1944 года?

Яшчэ падумалася пра 3 ліпеня. Пазаўчорашняе празьненства - гэта, канечне, перадусім абраза ідэі беларускай незалежнасьці. Магчыма, сьвядомая абраза і сьвядомая дывэрсія на адрас гэтай ідэі. Сьвядомае зганьбеньне беларускай незалежнай дзяржавы, за якую ў такі дзень нармалёвы чалавек будзе адчуваць ня гонар, як мусіла б быць у Дзень незалежнасьці, а няёмкасьць і сорам. Бо ніхто ня дасьць вам уцямнага адказу на пытаньне, якім чынам вызваленьне Беларусі ад нямецкіх фашыстаў мае дачыненьне да зьяўленьня незалежнай беларускай дзяржавы. І з гэтай дурной немагчымасьцью даць адказ на гэтае пытаньне працяты ўвесь ганебны афіцыёз гэтага дня, усе ідыёцкія флэшмоб-відосікі МЗС і празьнічныя сюжэты на БТ. Бо нават ня кажучы пра вызваленьне астатняй Беларусі, ад Менска да Беластока, ці пра тое, што вызвольнікам выступаў сталінскі СССР - пра незалежнасьць Беларусі вядома толькі наступнае:Беларусь стала незалежнай краінай у 1991 годзе. Кропка. У 1918 годзе была першая спроба ў выглядзе БНР, а ў 1990 годзе пра сувэрэнітэт было ўпершыню афіцыйна абвешчана - каб ён стаў рэальнасьцю, спатрэбіўся яшчэ год.