У Мінску адзначылі шостую гадавіну Пантыфікату папы Францішка

Беларускiя каталiкi чакаюць кіраўніка Рымска-каталіцкай царквы з візітам. 27 чэрвеня Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр даў афіцыйны прыём з нагоды шостай гадавіны Пантыфікату папы Францішка. Прыём адбыўся не ў гадавіну абрання сённяшняга наступніка апостала Пятра, якая адзначаецца 13 сакавіка, а напярэдадні ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла, што сімвалізуе пераемнасць Апостальскай Традыцыі ў Каталіцкім Касцёле, паведамляе catholic. by. ФОто: catholic. by З гэтай нагоды ў Апостальскай Нунцыятуры — прадстаўніцтве Святога Пасаду ў нашай краіне — сабраліся каталіцкія біскупы Беларусі на чале са старшынёй ККББ арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Лютэранскай супольнасці, Юдэйскіх і Мусульманскай супольнасцяў. Па запрашэнні прадстаўніка папы Францішка ў Беларусі ў мерапрыемстве ўзялі ўдзел намеснік міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Алег Краўчанка, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, а таксама амаль усе паслы замежных дзяржаваў, акрэдытаваныя ў Рэспубліцы Беларусь.