Дэмакратычны трыюмф Пазьняка

30 гадоў таму ў Вільні адбыўся Ўстаноўчы зьезд БНФ. 24–25 чэрвеня 1989 году ў Вільні прайшоў Устаноўчы зьезд Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». На ім прысутнічала каля 400 дэлегатаў. Правесьці зьезд у Менску не дазволіў Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР, перадае «Радыё Свабода». Чаго дамагаліся адраджэнцыЗьезду ў віленскім Палацы прафсаюзаў папярэднічаў Устаноўчы сход беларускага гістарычна-асьветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі» 19 кастрычніка 1988 году. На ім на прапанову Зянона Пазьняка быў утвораны аргкамітэт БНФ «Адраджэньне». Прынятая тады праграмная заява дэкляравала курс на сувэрэнітэт Беларусі, дэмакратычныя рэформы, нацыянальнае адраджэньне, абарону правоў чалавека. БНФ станавіўся першай рэальнай альтэрнатывай камуністычнай партыі. Напачатку рух БНФ уяўляў сабой аб’яднаньне нефармальных культурніцкіх суполак і грамадзянаў, якія выступалі найперш за адраджэньне беларускай мовы і культуры. Але на ўстаноўчым зьезьдзе ўжо ўздымаліся і палітычныя пытаньні.