Святкаванне юбілею Васіля Быкава – не для ўсіх

Паэту Кастусю Севярынцу не дазволілі выступіць на ўрачыстай імпрэзе. Паэту Кастусю Севярынцу, бацьку вядомага палітыка Паўла Севярынца, не дазволілі выступіць на ўрачыстай імпрэзе, прысвечанай 95-м угодкам знакамітага пісьменніка Васіля Быкава, перадае «Радыё Рацыя». Яна праходзіла вечарам 19 чэрвеня, і напярэдадні Кастусь Севярынец быў уключаны ў спіс выступоўцаў. Але за некалькі гадзін да пачатку яму паведамілі па тэлефоне, што ягоная прысутнасць не пажаданая. Арганізатары – работнікі бібліятэкі і абласная арганізацыя Таварыства беларускай мовы – не кажуць, ад каго сыходзіла такое рашэнне. Тым не менш, вершы Кастуся Севярынца на імпрэзе прагучалі. Іх прачытала старшыня абласной філіі Беларускага саюзу мастакоў. – Я вельмі здзівілася, што на гэтай імпрэзе няма Канстанціна Севярынца, з якім мы, ужо не памятаю, колькі гадоў, працуем разам. Раз Косці няма, то гэта не проста мой абавязак , а шчасце – прачытаць ягоныя вершы. А тыя, хто гэта зрабіў, думаю, пра гэта вельмі шкадуюць, бо такіх рамантычных, такіх узнёслых вершаў мала зараз.