Невядомы Быкаў

19 чэрвеня Васілю Быкаву было б 95. І зусім побач з гэтай датай — дзень сыходу. Сёлета ўжо 16 гадоў, як Беларусь жыве без Быкава, і, мусіць, час прыгадаць, што было зроблена для яго памяці. Легенда з назваю «Быкаўскі камень»Яшчэ восенню 2004 года на магіле Васіля Быкава паўстаў валун з Фінляндыі, дзе пісьменнік жыў па першым часе пасля ад’езду ў 1998 годзе за мяжу. Гэта стала магчымым дзякуючы найперш намаганням паэта Уладзіміра Някляева, кіраўніка Хельсінкскага дэпартамента культуры Юрыё Лармолы і віцэ-прэзідэнта Фінскага ПЭН-цэнтра Юкі Малінена. Чаму валун (з адваротнага боку якога надпіс «Ад горада Хельсінкі») не з радзімы Быкава, а з Фінляндыі, дзе, як казаў Юка Малінен, што апякаў Васіля Уладзіміравіча падчас фінскага перыяду ягонага жыцця, ён не толькі вельмі плённа працаваў, але і знайшоў пейзаж сваёй душы? Рыгор Барадулін бачыў у гэтым невытлумачальную загадку. Дый сам Някляеў, калі пісаў пра дарэшты выкананую апошнюю волю Быкава, задаваўся пытаннем: «Што ў ёй, у гэтай волі? Чаму не беларускі камень на магіле аднаго з найгодных сыноў Беларусі, а гранітны валун з Фінляндыі, дзе пражыў Быкаў зусім нядоўга?.