![]()
Ці становіцца рыбалка ўсё больш жаночай справай? Як ставяцца да жанчын з вудамі рыбакі? І ці залежыць улоў ад гендэру? На «Радыё Свабода» гэтую тэму абмяркоўваюць заўзятыя рыбачкі — сьпявачка Надзея Мікуліч, праваабаронца Алена Янушкоўская, мэнэджэрка Анастасія Варачаева, студэнтка Віта Брэк і музэйшчыца Даша Шэіна. «Бацька браў на рыбалку, пачынаючы з дашкольнага ўзросту» Ганна Соўсь: Я была моцна ўражаная, калі на маю просьбу ў Фэйсбуку падказаць заўзятых рыбачак, адгукнуліся дзясяткі людзей і параілі вялізарную колькасьць жанчын, якія захапляюцца рыбалкай. Як і калі вы сталі рыбачыць? Што гэта вам дае і як часта сядзіце з вудай? Надзея Мікуліч: Гэта захапленьне зь дзяцінства. Мой тата браў мяне на рыбалку, пачынаючы з дашкольнага ўзросту. З начоўкай у шалашы. З тых часоў у мяне такая цяга, любоў да рыбалкі. Некалькі гадоў таму зь сяброўкай езьдзілі на Чорнае мора, узялі вуды і нават чарвякоў, таму што там іх вельмі цяжка знайсьці.