![]()
Дэмакратычная Беларусь святкуе выдатную дату ў жыцці нашага народа. 19 чэрвеня 2019 года спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння вялікага чалавека і сапраўды народнага пісьменніка — Васіля Быкава. За ўсім нам вядомым імем стаяць драматычныя, але слаўныя мужнасцю і самаадданасцю перыяды айчыннай гісторыі. Перад тым як прыйсці ў беларускую, а затым у еўрапейскую і сусветную літаратуру, вясковы хлопец з Ушаччыны выявіў сябе здольным на многае. Ён мог стаць таленавітым жывапісцам, графікам або скульптарам, бо меў пільны мастакоўскі зрок. Але яго лёсам распарадзіліся абставіны. Спачатку была сялянская беднасць, якая не дазволіла далей вучыцца, а пасля — крывавая вайна. Тым не менш галоўнае адбылося: сям’я, маленства і юнацтва, якія не былі бясхмарнымі, выхавалі смелага, мужнага, самадастатковага чалавека. Глыбінную сутнасць творчасці Васіля Быкава — абвостранае пачуццё справядлівасці, адстойванне праўды ў любых абставінах, аплата вялікай цаной правільнага выбару — лепш можа зразумець той, хто наблізіцца да яго жыццёвых каранёў.