Папраўча-«санаторскі» рэжым

Розныя ў жыцці здараюцца гісторыі… Пра адну з іх распавядае – у юрыдычным ракурсе – праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў. Яшчэ ў жніўні 2017 г. суд Смаргонскага раёна па заяве Смаргонскага РАУС накіраваў жыхара Смаргоні Сяргея Цыркуновіча ў лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП) тэрмінам на адзін год. Спадар Цыркуновіч з рашэннем суда не пагадзіўся і напісаў касацыйную скаргу ў абласны суд. Маўляў, накіраванне ў ЛПП – гэта парушэнне яго права на свабоду і асабістую недатыкальнасць (арт. 9), гарантаванае Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах… Першае. Ён будзе ўтрымлівацца ў паднявольным стане і выконваць прымусовую працу – другое! Утрыманне ў ЛПП – факт прыніжаючага годнасць абыходжання – трэцяе. Абласны суд у задавальненні скаргі адмовіў. Гісторыя атрымала свой працяг: спадара Цыркуновіча выпусцілі з установы датэрмінова за добрыя паводзіны – і ён падаў скаргу на парушэнне сваіх правоў у Камітэт ААН. Нагадвае пра парушэнне сваіх правоў і просіць рэкамендаваць Рэспубліцы Беларусь адмяніць Закон “Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах утрымання ў іх”.