![]()
Сёлета імпрэза на Вушаччыне пройдзе ўжо 15-ты раз. 15 год таму Хрыстафор Жалябаў са сваімі аднадумцамі запачаткаваў традыцыю ўшанавання памяці славутага беларускага пісьменніка Васіля Быкава, які нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года на Віцебшчыне. Размова пра тое, як гэтая традыцыя развіваецца, нягледзячы на перашкоды з боку афіцыйных беларускіх уладаў. Госць «Радыё Рацыі» – старшыня праўлення Віцебскага абласнога аб’яднання самакіравання і грамадства Хрыстафор Жалябаў. - Набліжаецца 95-годдзе з дня нараджэння нашага славутага пісьменніка Васіля Быкава. І чарговы раз на ягонай малой радзіме ў вёсцы Бычкі адбудзецца імпрэза з гэтай нагоды. Менавіта Віцебская арганізацыя самакіравання і грамадства запачаткавала традыцыю ў Бычках. - Так. У 2004 годзе на адным з паседжанняў было прынятае рашэнне, што наш абавязак – ушанаваць памяць Васіля Быкава. І таму было прынятае рашэнне ў дзень яго народзінаў правесці вялікі фэст. У арганізацыі мерапрыемства прынялі тады ўдзел усе актывісты Віцебскай вобласці, усе арганізацыі, якія ўваходзілі ў склад нашай сеткі.