![]()
ПЭН-цэнтр расцэньвае чарговае затрыманне Пушкіна як наступ на свабоду выказвання ў Беларусі. Беларускі ПЭН-цэнтр патрабуе спыніць пераслед мастака Алеся Пушкіна, які быў затрыманы за перформанс у абарону беларускай мовы ў Крупках (Менская вобласць), паведамляе «Радыё Рацыя» са спасылкай на БелаПАН. Вядомы беларускі мастак-перформер быў затрыманы з прымяненнем фізічнай сілы супрацоўнікамі міліцыі 6 чэрвеня ў Крупках. Як паведамляе ПЭН-цэнтр, у гэты дзень Пушкін выйшаў да крамы сеткі „Еўраопт” у цэнтры Крупак з плакатамі „Stop russian agression on Europe” („Спыніце расейскую агрэсію ў Еўропе”), „Russia — war!” („Расея — вайна!”) і партрэтам Пуціна, а таксама плакатам „Беларусь у NATO”. Пры затрыманні мастака яго творы-плакаты былі канфіскаваныя міліцыяй. „Месца перформансу выбрана невыпадкова — 8 мая ў гэтай краме адбыўся канфлікт Алеся Пушкіна з ахоўнікамі, якія агрэсіўна адрэагавалі на беларускую мову і паспрабавалі гвалтам выдаліць мастака з гандлёвай залы”, — адзначаецца ў заяве.