Ідзе збор подпісаў за ўвядзеньне беларускай мовы на польскіх КПП

На польскіх памежных пераходах з Беларусьсю немагчыма знайсьці якую-колечы інфармацыю на гэтай мове. У інтэрнэце можна паставіць подпіс пад пэтыцыяй да Падляскага і Люблінскага ваяводы ў справе ўвядзеньня беларускай мовы на польскіх КПП на мяжы з Беларусьсю. Перш за ўсё гаворка ідзе пра інфармацыйныя табліцы, аўдыё і відэапаведамленьні, знакі, якія цяпер паяўляюцца толькі на расейскай і польскай мовах, паведамляе «Польскае радыё». «Беларуская мова зьяўляецца дзяржаўнай мовай усходняга суседа Польшчы і падкрэсьлівае яго сувэрэннасьць. Міністэрства замежных спраў Польшчы бярэ гэта пад увагу ў сваіх дзеяньнях ужо шмат гадоў. Таксама іншыя польскія дзяржаўныя ўстановы падтрымліваюць беларускія арганізацыі, якія імкнуцца захаваць і папулярызаваць беларускую мову. Адначасова на польскіх памежных пераходах з Рэспублікай Беларусь немагчыма знайсьці якую-колечы інфармацыю на гэтай мове. Беручы пад увагу захады цэнтральнай адміністрацыі, гэта выглядае як недагляд, які трэба тэрмінова выправіць», – чытаем у пэтыцыі.