![]()
Намаганні аўтарытарных правіцеляў і іх прапагандыстаў асуджаны на правал. Міліцэйскія дубінкі ў Беларусі і паліцэйскія ў Расіі пачалі страчваць сваю ўніверсальнасць і эфектыўнасць. Пратэсты, якія сёння адбываюцца ў многіх гарадах і пасёлках дзвюх краін, сведчаць пра змену сацыяльна-палітычнага настрою насельніцтва, бо ў дарослае жыццё прыйшло шмат свабодных духам людзей. Для грамадзянскага сталення маладога папаўнення дэмакратычных шэрагаў спатрэбіўся значны час. Успамінаю, як я вучыў дачок з маленства: «Калі вы адстойваеце праўду і справядлівасць, сваю годнасць, то не бойцеся нікога!» Тое ж чулі мае мілыя ўнучка і ўнук. Дзякуючы агульным намаганням дзядоў і бацькоў у амаль таталітарных умовах, выключна цяжкіх для выхавання дзяцей, усё ж вырастаюць, становяцца на ногі адукаваныя, ініцыятыўныя і смелыя людзі. Яны разумеюць хісткую, як беларускую, так і расійскую, унутраную і знешнюю сітуацыю, бачаць беспрасветны тупік, у які фанабэрыстыя правіцелі запаўзлі самі і з сабою завалаклі цэлыя народы, ведаюць цану абяцанкам і «перамогам».