![]()
Будучыя фармацэўты з Віцебску правялі флэшмоб. Проста на ганках Віцебскага медычнага ўніверсітэту прайшоў флэшмоб, удзельнікамі якога былі студэнты фармацэўтычнага факультэту разам з выкладчыцай Марынай Каліноўскай, перадае «Радыё Рацыя». Яны выйшлі з раздрукаванымі выслоўямі, прысвечанымі роднай мове, і сфатаграфаваліся на памяць. Цэлы год будучыя фармацэўты-першакурснікі вывучалі беларускую мову, прычым не толькі адмысловую тэрміналогію, але і размоўную лексіку, кажа выкладчыца:– Спачатку ў нас была прафесійная лексіка і фармацэўтычная тэрміналогія, а потым мы ішлі да паўсядзённай лексікі. І яны паглядзелі, што можна і жартаваць на беларускай мове, а для іх гэта ўвогуле ў навінку было, што можна нешта смешнае сказаць па-беларуску. Асабліва іх уразіла, што ёсць і моладзевы слэнг. Нават як павітацца, акрамя «добры дзень», яны не ведалі. А потым яны ўжо прыходзілі, казалі «прывіты», «вітанкі», як свае!Паводле Марыны Каліноўскай, заняткі беларускай мовай заўжды праходзілі пад дэвізам «Няхай будзе мова, няхай будзем мы».