![]()
Курапацкая абарона – гэта пэўная абарона ад агрэсіі Расеі. Ужо год, як пачалася варта каля рэстарана „Поедем поедим”, які адчынілі побач з мемарыялам ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў, на тэрыторыі яго былой ахоўнай зоны. Абаронцы Курапатаў сёння правялі з гэтай нагоды прэс-канферэнцыю, паведамляе “Радыё Рацыя”. Актывісты амаль штодня прыходзяць і тлумачаць наведвальнікам, што рэстаран створаны незаконна, а яго праца тут – правакацыя і непавага да народнай памяці. Як кажа сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і адзін з ініцыятараў варты Павел Севярынец, гэтая акцыя дае плён:– Гэта ўнікальны чын, бо такога ў найноўшай гісторыі не было, каб цэлы год стаяла варта пад бел-чырвона-белымі сцягамі пад пратаколамі, пад суткамі. У самых розных форс-мажорных сітуацыях і ў любое надвор’е. Таму гэта ўжо нацыянальная гісторыя. За гэты час удалося адбіць некалькі атакаў на Курапаты. Удалося пры дапамозе СМІ апавясціць сотні тысяч беларусаў і людзей за межамі Беларусі пра Курапаты.