![]()
Беларускія гледачы ставяцца да серыяла з асаблівай увагай. Неўзабаве пасля выхаду фінальнай серыі нашумелага міні-серыяла «Чарнобыль», які распавядае пра трагічныя падзеі на Чарнобыльскай АЭС у красавіку 1986 года, новы хіт HBO стане даступны на беларускай мове: відэасэрвіс VOKA сумесна з Амедыя ТБ (брэнд AMEDIATEKA Home of HBO) прыступіў да працы над стварэннем яго беларускай агучкі, пiша nn. by. Міні-серыял «Чарнобыль» — гэта хроніка адной з самых страшных тэхнагенных катастроф у сусветнай гісторыі, якая паражае сваёй рэалістычнасцю і драматызмам. Самыя цяжкія наступствы выбуху прыняла на сябе менавіта тэрыторыя Беларусі. Гэтая акалічнасць прымушае беларускіх гледачоў ставіцца да серыяла з асаблівай увагай: бо ўсё, што адбываецца ў кадры — частка іх агульнай гісторыі і агульнай трагедыі. Непасрэдная ўзаемасувязь падзей міні-серыяла і адной з самых драматычных старонак беларускай гісторыі і стала галоўнай прычынай для таго, каб даць гледачам VOKA магчымасць глядзець яго на беларускай мове.