«Гэта ня акцыя, а грамадзкі чын»

Варта ў Курапатах прадэманстравала ворагам незалежнасьці гатоўнасьць беларусаў бараніць краіну да апошняга. На пачатак чэрвеня прыпадае гадавіна пікетаваньня рэстарацыі «Поедем Поедим», пабудаванай, як мяркуюць пікетоўцы, у ахоўнай зоне Курапатаў з парушэньнем закону. А 16-й гадзіне 1 чэрвеня каля рэстарацыі пачаўся чарговы пікет. Абаронцы Курапатаў правялі сход на гадавіну акцыі пратэсту. Асноўная тэма — ці працягваць акцыю далей, паведамляе «Радыё Свабода». Старшыня Маладога фронту Дзяніс Урбановіч выступае за працяг варты. «Так, мы трымаем варту ўжо год і нібыта свайго пакуль не дасягнулі — рэстарацыя не зачынілася, хоць за год працы плынь наведнікаў асабліва не пабольшала. Але саступаць нельга. Вада камень точыць, наша варта ўжо дае плён — грамадзкая думка на нашым баку, пагаварыць з людзьмі — усе супраць гэтай рэстарацыі на костках. Да таго ж варта дапамагае бараніць Курапацкі мэмарыял. Менавіта пікетоўцы першымі даведваліся пра разбурэньне лавы Клінтана, пра паваленыя крыжы, а некалькі разоў нам удавалася прадухіліць акцыі вандалаў.