Нязломныя абаронцы

Што адбываецца ў Курапатах у гадавіну варты. Пікетоўшчыкі рэстарацыі «Поедем, поедим» ля мемарыялу Курапаты ў гадавіну супрацьстаяння падвялі вынікі Варты ды сутыкнуліся з чарговымі правакацыямі, піша «Новы Час». Гадавіна Курапацкай варты выпада на суботу – дзень, калі дзяжурства каля рэстарацыі «Поедем, поедим» нясе кампанія «Еўрапейская Беларусь». Да 16-й гадзіны сюды падыходзіць актывіст кампаніі Леанід Кулакоў, але затым падцягваюцца і сталыя ўдзельнікі варты: Ганна Шапуцька, Дзяніс Урбановіч, і іншыя актывісты. Размаўляюць аб тым, што сёння ў рэстаране акцыя з нагоды Дня абароны дзяцей. Сапраўды, машыны кіруюць ва ўстанову адна за адной, многія – з дзецьмі. Збор усіх удзельнікаў Варты абвешчаны на 18. 00. Пакуль людзі падыходзяць, гутарым з тымі, хто нясе варту ля «Поедем, поедим» ад самага яе пачатку. Актывістка Ганна Шапуцька зазначае, што Варта абароны Курапатаў – гэта не акцыя, якую нехта планаваў, таму цяжка меркаваць, наколькі яна паспяховая. Гэта, хутчэй, грамадзянскі чын: немагчыма было не прыйсці сюды і не сказаць «не».