«Галоўны архітэктар Менску параіў хутчэй забыць імёны ахвяраў»

Пісьменьніца Паліна Сьцепаненка ўпершыню расказала пра тое, як стваралася кніга «Трагедыя на Нямізе». Праваабаронца і пісьменьніца Паліна Сьцепаненка (Качаткова) ўпершыню расказала ў інтэрвію («Свабодзе» https://www. svaboda. org/a/29970687. html) пра тое, як стваралася кніга «Трагедыя на Нямізе». 20 гадоў таму, 30 траўня 1999 году, у цэнтры Менску ладзілася сьвята піва. Надвор’е рэзка сапсавалася, пачалася навальніца з градам. Тысячы людзей кінуліся да мэтро, узьнікла цісканіна. 53 чалавекі загінулі, 250 атрымалі траўмы. Бальшыня загінулых — маладыя людзі ад 14 да 20 гадоў. Праз год выйшла кніга пра тыя падзеі — «Трагедыя на Нямізе». «Як гэта можна забыць?»— Ці ёсьць у вас жаданьне праз 20 гадоў пасьля трагедыі на Нямізе перавыдаць вашу кнігу, дапоўніць яе?— Гэта цікавая думка. Рабілі кнігу некалькі чалавек: я, Тацяна Равяка і Тацяна Сьнітко запісвалі сьведчаньні, Кастусь Тарасаў пісаў прадмову. Штогод, калі набліжаецца гэтая дата, зьвяртаюцца журналісты, пытаюць, ці ведаем мы, аўтары кнігі, пра лёсы герояў кнігі, пацярпелых альбо бацькоў.