У Гродна ўпершыню пакажуць 3D-фільм у беларускай агучцы – легендарны «Тэрмінатар 2»

3D-кіно на беларускай мове ўпершыню з’явіцца на вялікіх экранах Гродна: паказы легендарнага фільма Джэймса Кэмерана «Тэрмінатар-2: Судны дзень» пройдуць у рамках праекта «Беларускія ўікэнды» – фільм можна будзе ўбачыць 7, 8 і 9 чэрвеня ў кінатэатры «Космас». Убачыць легендарны «Тэрмінатар-2: Судны дзень» у 3D можна будзе і ў Мінску: дадатковыя паказы карціны пройдуць у кінатэатрах сталічнай сеткі Silver Screen – з 30 мая па 5 чэрвеня ў ГЦ Galileo, 1-2 чэрвеня – у ГЦ Dana Mall і Arena City.   Агучка і пракат фільма сталі магчымы дзякуючы кампаніі «Кінаконг» і генеральнаму партнёру праекта – кампаніі velcom | A1. «Тэрмінатар-2: Судны дзень» (дакладней, яго «юбілейнае» перавыданне ў стэрэафармаце, прысвечанае 25-годдзю фільма) – першы замежны блакбастэр у беларускай агучцы, які пакажуць у 3D. Навукова-фантастычны баявік рэжысёра Джэймса Кэмерана, пятая па ліку і адна з самых знакавых яго работ, – храналагічны сіквел фільма «Тэрмінатар». У ролі кібарга зняўся Арнольд Шварцэнэгер, яго партнёрамі па здымачнай пляцоўцы сталі Лінда Хэмільтан у ролі Сары Конар і Эдвард Ферланг у ролі яе сына.