Прыклад суседзяў павінен натхніць беларусаў

Толькі дэмакратычны лад дае людзям свабоду для думання. Палітычная неадукаванасць народных масаў, выкарыстанне на выбарах папулізму і фальсіфікацый прывялі да таго, што да ўлады прарываюцца індывіды з неразвітым інтэлектам і прымітыўнай культурай, нават без сумлення, але якія хочуць бясконца камандаваць людзьмі. ХХІ стагоддзе стала камфортным часам для паталагічных уладалюбцаў. Народы часта выбіраюць у кіраўніцтва не лепшых сваіх прадстаўнікоў, а тых, якія без ваганняў парушаюць не толькі нормы паводзін, але і самімі ж прынятыя законы. Высокае крэсла аўтаматычна забяспечвае доступ да вялікіх грошай. Гэта не менш чым улада прываблівае «крутых» харызматыкаў. У белы свет, як чэрці з табакеркі, выскокваюць то чвэрцьдыктатар, то паўдыктатар, то закончаны тыран. Яны ёсць у любым кутку планеты. Я даўно асэнсоўваю працэс развіцця аўтарытарызму ў постсавецкіх краінах. Пра важную праблему пачалі актыўна пісаць і заходнія эксперты, але многія з іх слізгаюць па паверхні. Яны да канца не ўсведамляюць, што сабой уяўляюць застарэлыя аўтарытарныя рэжымы ў Беларусі і Расіі, ступень іх амаральнасці, беспрынцыпнасці, хлуслівасці і подласці, не разумеюць шкоднасці ўплыву абсалютнай усёдазволенасці і разбэшчанасці на кіраўнікоў іншых краін.