Як беларусы ў 1990 годзе «штурмавалі» Крэмль

Беларускія чарнобыльцы правялі ў Маскве «Марш за выжываньне». Свабода расказвае, як сотні беларусаў з раёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, у 1990 годзе выправіліся ў Маскву да кіраўніцтва Савецкага Саюзу дамагацца праўды пра трагедыю. Амэрыканска-брытанскі міні-сэрыял «Чарнобыль» (Chernobyl), чацьвёрты эпізод якога выйшаў у сеціве на гэтым тыдні, працягвае ўзначальваць сьпіс найлепшых тэлешоў на сайце самага папулярнага ў сьвеце сайту пра кіно imdb. com. Фільм базуецца на рэальных падзеях і расказвае пра самаахвярнасьць работнікаў ЧАЭС і ліквідатараў, безвыходнасьць жыхароў пацярпелых рэгіёнаў ды бязвольнасьць партыйных лідэраў. У стужцы не адлюстравана толькі адно — грамадзкія пратэсты супраць злачыннага маўчаньня савецкага кіраўніцтва аб наступствах трагедыі. Між тым у 1990 годзе здарылася падзея, якая прысьпешыла адкрыцьцё праўды пра рэальныя маштабы аварыі. Гаворка пра «Марш за выжываньня» на Маскву, у які з ініцыятывы прафсаюзных лідэраў выправіліся некалькі сотняў гомельцаў.