Уладзімер Някляеў: Швэды беларусам бліжэйшыя, чым расейцы

Пісьменьнік i палiтык паспавёў пра жыцьцё ў Швэцыі і новы раман пра Купалу. Пісьменьнік і былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў амаль месяц жыве ў Швэцыі. У горадзе Люнд, на поўдні краіны, ён піша раман пра Янку Купалу. У інтэрвію «Радыё Свабода» ён прыадкрыў таямніцы свайго новага твору, а таксама распавёў, чым падобныя швэды і беларусы, што яго нэрвуе, а што захапляе ў Швэцыі. Што Някляеў робіць у Швэцыі Люнд Фото: «Радыё Свабода» Пісалі, што я ў Швэцыі ў бежанстве. Лухта. Калі мякка сказаць. Я дапісваю тут кнігу — раман пра Купалу. Працаваць над раманам пачаў у Менску, але ніяк да завяршэньня ня мог давесьці. Штодня нешта ці нехта адрывае ад працы. Ды яшчэ штодзённая пагроза, што цябе могуць затрымаць, пасадзіць. Увесь час у псыхалягічным напружаньні. У такім стане цяжка пісаць. Перапынісься — мяняецца інтанацыя, рытміка тэксту. Сюжэтныя вузельчыкі рвуцца. Здаецца, ніколі не дапішаш. Таму я і вырашыў скарыстацца міжнароднай праграмай падтрымкі пісьменьнікаў і прыехаў у Люнд.