![]()
Польскі навуковец прысвяціў жыццё даследванню беларускай мовы ў Літве і Латвіі. Польскі беларусіст Мірослаў Янковяк прысьвяціў сваё навуковае жыцьцё незвычайнай на першы погляд тэме — беларускім гаворкам у Літве і Латвіі. Ужо больш за 15 гадоў ён падарожнічае ў памежжы і запісвае носьбітаў беларускіх гаворак, якіх усё менш. Нядаўна выйшла яго новая кніга — паўтысячы старонак і 1,5 кг вагі. Што можна пісаць пра гаворкі, якія паміраюць? Пра гэта Мірослаў Янковяк расказаў у інтэрвію Свабодзе. — Чым так цікавыя беларускія гутаркі ў Латвіі, што вы напісалі пра іх ужо другую кнігу і прысьвяцілі больш за дзясятак гадоў жыцьця?— Дарэчы, зьбіраюся напісаць яшчэ дзьве кнігі на гэтую тэму. Акрамя беларускіх гаворак у Латвіі, я інтэнсіўна займаюся і беларускімі гаворкамі ў Літве. Беларускія дыялектолягі пасьля 1945 году займаліся пераважна гаворкамі ў межах БССР. А гаворкамі па-за межамі сваёй краіны яны займацца не хацелі. Але мова і гаворкі — гэта не адміністрацыйная мяжа.