Алесь Круткін: Каля 100 міліцыянтаў былі задзейнічаныя ў апэрацыі па маім затрыманьні

Полацкі актывіст быў у падпольлі шэсць дзён. Полацкі актывіст Алесь Круткін быў затрыманы 20 красавіка, правёў двое сутак у ізалятары і быў аштрафаваны на 15 базавых велічынь за заклік у інтэрнэце памаліцца 15 красавіка за Курапаты. Да затрыманьня пра ягоны лёс цягам некалькіх дзён не было аніякай інфармацыі, а міліцыя доўга не магла выйсьці на ягоны сьлед. . . Каб разабрацца ў гэтай амаль дэтэктыўнай гісторыі, карэспандэнт vitebskspring. org сустрэўся з актывістам і даведаўся пра некаторыя цікавыя падрабязнасьці. – Скажыце, як вас усё ж такі ўдалося затрымаць?– Я быў у падпольлі 6 дзён, у розных гарадах, стараўся не ўключаць мабільны, каб мяне не маглі вылічыць. Рабіў невялікія хітрыя правакацыі: напрыклад, на мой нумар дасылалі эсэмэску з фэйкавай кватэры, каб праверыць, ці прыйдуць яны туды. Прыходзілі. І ў рапарце гэта фіксавалі. Ведаеце, напэўна, упершыню ў гісторыі Беларусі міліцыянты ўсе рапарты – а гэта больш за 50 старонак – падшылі да судовай справы. Хутчэй за ўсё – зь недасьведчанасьці.