![]()
Iдзе пакрокавы наступ на мемарыял. Стала вядома, што на ўскрайку Менска да 2021 года павінен з’явіцца Нацыянальны выставачны цэнтр, плошча якога складзе каля 30 тысяч квадратных метраў. Першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын заявіў, што пабудова з’явіцца побач з гандлёва-забаўляльным цэнтрам «Экспабел» на поўначы Менска. Як паведамляе nn. by, азначаны на карце ўчастак — адзінае свабоднае месца для будоўлі, і яно непасрэдна суседнічае з лесам у Курапатах. Грамадская актывістка Ніна Багінская абурана паведамленнем, што ля Курапатаў могуць пабудаваць яшчэ і Нацыянальны выставачны цэнтр, паведамляе Радыё Рацыя. - Я хаджу ў Курапаты на варту ля рэстарана раз на тыдзень, і ўчора мы таксама даведаліся пра непрыемную навіну, што ля “дарогі смерці” ў мемарыяле могуць пабудаваць выставачны комплекс. Калі так, то гэта будзе самым сапраўдным здзекам над памяццю. Мы бачым, што ідзе пакрокавы наступ на Курапаты, гэтае месца мыліць вока і беларускім уладам, і Маскве, якая апошнім часам толькі ўсхваляе Сталіна, а пра рэпрэсіі маўчыць і выбівае з памяці людской.