![]()
Ва ўрочышчы Курапаты 12 траўня прайшоў чарговы малебен з удзелам каля паўтара дзясятка чалавек. Сярод удзельнікаў традыцыйнага нядзельнага мерапрыемства ва ўрочышчы былі актывісты Вячаслаў Сіўчык, Ніна Багінская, Зьміцер Марчук. Яны чыталі вершы, сьпявалі песьні, паведамляе «Радыё Свабода» . Малітву прачытаў сьвятар некананічнай Беларускай аўтакефальнай царквы айцец Вікенці. Удзельнікі набажэнства выказалі надзею, што ўлады ў бліжэйшым часе адкрыюць архівы КДБ і сьпісы рэпрэсаваных. Як адзначыў у камэнтары агенцтву БелаПАН лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, «так атрымалася, што Курапаты — гэта сымбаль пакут Беларусі ад камуністычных рэпрэсій». «У нас закрытыя архівы, не даюць зьвестак пра ахвяраў камуністычнага кіраваньня. У нас дагэтуль [дзяржаўная служба бясьпекі называецца] КДБ, у адрозьненьне ад астатніх краін. Нацыянальны нэкропаль „Курапаты“ людзі стварылі самі, насуперак уладам. Гэта сакральнае месца, якое належыць і папярэднім пакаленьням беларусаў, і цяперашняму».