«Я ў сябе дома»: як у Магілёве працуецца адзінай беларускамоўнай кандуктарцы

У Магілёве зьявілася кандуктарка, якая гаворыць з пасажырамі па-беларуску. Большасьць пасажыраў гэта зьдзіўляе — у публічным ужытку ў Магілёве беларуская мова застаецца экзотыкай. Завуць кандуктарку Вольга Мікалуцкая, яна настаўніца з шматгадовым стажам. Свой новы занятак называе «народнай школай», а пасажыраў — «вучнямі сваёй клясы». Вольга лічыць, што беларуская мова мае асаблівасьці, якія супакойваюць пасажыраў і залагоджваюць канфліктныя сытуацыі, нярэдкія ў грамадзкім транспарце. Пра стаўленьне пасажыраў да беларускай мовы і ўражаньні ад першага месяца працы кандуктаркай Вольга расказала «Радыё Свабода». Сьцісла пра Вольгу Мікалуцкую50 гадоў. Мае вышэйшую адукацыю. Філёляг. Скончыла пэдагагічную вучэльню ў пасёлку Леніна, што ў Горацкім раёне Магілёўшчыны. Завочна адвучылася на філфаку Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Больш за трыццаць гадоў настаўнічала ў вясковых школах Клічаўскага і Дрыбінскага раёнаў Магілёўшчыны. Лічыць, што настаўнікаў былых не бывае, а яе пэдагагічны досьвед будзе запатрабаваны і ў працы кандуктара.