![]()
Тысячы юнакоў-ліцьвінаў цягам некалькіх стагоддзяў выпраўляліся па навуку ў еўрапейскія ўніверсітэты. Большасць з іх, атрымаўшы вышэйшую асвету, вярталіся на Бацькаўшчыну і служылі ёй здабытымі ведамі. Але ўлады Вялікага Княства, Царква, усе адукаваныя людзі дзяржавы даўно марылі пра свой універсітэт. Найлепшым месцам для заснавання вышэйшай навучальнай установы, вядома, была сталіца Вялікага Княства, даўні цэнтр беларускай культуры і дзяржаўнасці. У Вільні ўжо дзейнічаў калегіюм, дзе займаліся блізу двухсот студэнтаў. Калегіюм, адчынены манахамі Таварыства Ісуса (Ордэна езуітаў), даваў добрую адукацыю, але не меў універсітэцкіх правоў. Адгукнуўшыся на шматлікія просьбы свецкіх і царкоўных уладаў, магнатаў і шляхты, вялікі князь Стэфан Баторы, якога нашыя продкі называлі Сцяпанам Батурам, у 1579 годзе выдаў прывілей пра пераўтварэнне Віленскага калегіюма ў Акадэмію — першую ва Усходняй Еўропе. Баторы сам некалі вучыўся ў славутым Падуанскім універсітэце і добра разумеў неабходнасць вышэйшай школы для сваёй дзяржавы.