![]()
Народу можна навязаць фальшывую гісторыю толькі на пэўны час. Мне выпала нарадзіцца праз год і чатыры месяцы пасля вялікай Перамогі ў цяжкай, крывавай вайне. Але маштабная бойня ўвайшла ў плоць і кроў так, як быццам сам быў у яе агромністых, бязлітасных жорнах, дзе свіст куль, выбухі мін і снарадаў, агонь, дым, балючыя раны, пакуты і смерць. Не так даўно наведаў родныя мясціны, дзе прырода і людзі шмат часу сціралі сляды вайны. Але ў партызанскім рэгіёне Беларусі, які зведаў моцнае ваеннае напружанне, дзе фашысцкімі карнікамі былі спалены многія вёскі і загінуў кожны другі жыхар, яны яшчэ даволі выразныя. Каля паселішчаў засталіся варонкі ад выбухаў авіяцыйных бомбаў, якія калісьці напоўніліся падземнымі водамі, сталі стаўкамі. У маленстве мы купаліся ў іх, вылазячы, як чарцяняты з каламуці, больш бруднымі, чым былі. У лясах кідаюцца ў вочы струхлелыя зямлянкі, капаніры, акопы і траншэі, зарослыя хмызняком, спавітыя мохам і травою. Некалі тут можна было лёгка знайсці зброю, боепрыпасы, нават разбітую рацыю.