Эдуард Мельнікаў: Я памятаю ідыш, які гучаў паўсюль

У Бабруйску журналіст і пісьменнік прэзентаваў сваю кнігу. Разам з журналістамі “Бобруйского курьера” Эдуард Мельнікаў прайшоўся па вуліцах дзяцінства, а потым сустрэўся з сябрамі гарадской суполкі ГА “БАЖ”. Прэзентацыя цалкам адпавядала назве кнігі і стала для Эдуарда Мельнікава сапраўдным “вяртаннем у Бабруйск”. “Той Бабруйск ува мне некрануты”: пра горад“У маёй кнізе — усё нашае бабруйскае жыццё, якім яно было тады і ёсць ува мне дагэтуль. Я хаджу па старой частцы Бабруйска і радуюся, што тут нічога не змянілася. Гэтая атмасфера горада дарагая мне ўдвая, бо гэта маё дзяцінства. Добра было б, калі б гэты стары Бабруйск застаўся, як знак часу, які сыходзіць, змяняецца, хутка ляціць. Але нешта ў ім вечнае і ніколі не зменіцца. Вось за маёй спінай велічная адрэстаўраваная царква. У 50-60-ыя гады гэта былі брудныя, разбураныя сцены. Мы ўзабраліся на званніцу і адтуль “расстрэльвалі” галубінымі яйкамі грузавых вазакоў — тых самых легендарных балагул, пра якіх пісаў Ефраім Севела.