Сьвятлана Алексіевіч: За перамогай у вайне улады схавалі ГУЛАГ

Чаму і як перамога зрабілася аб’ектам палітычнай спэкуляцыі? Памяць пра вайну: смутак альбо патас? Чаму і як перамога зрабілася аб’ектам палітычнай спэкуляцыі? Якія «закрытыя тэмы» усё яшчэ існуюць у літаратуры пра вайну? Пра гэта і іншае — гутарка «Радыё Свабода» зь пісьменьніцай, ляўрэаткай Нобэлаўскай прэміі Сьвятланай Алексіевіч. Хочуць, каб мінулага не існавала ў яго страшным драматызьме— Штогод сьвяткаваньні, шэсьці і парады на 9 траўня робяцца ўсё больш маштабнымі, і ў Беларусі, і ў Расеі (у Маскве за некалькі сутак перакрываюць цэнтральныя магістралі для рэпэтыцый), і адначасна павялічваецца градус патасу. Пры тым што самаму маладому ўдзельніку вайны — каля 90. Бальшыня — сышла. Скажам, мой дзед, які пайшоў на вайну маладым (быў прызваны яшчэ да вайны, пад Магілёвам, а дэмабілізаваўся ўжо пасьля Бэрліну, недзе ў жніўні 45-га, памёр каля трыццаці гадоў таму). Рэальных вэтэранаў вайны засталося зусім няшмат. — Ведаеце, мае гераіні з «У вайны не жаночы твар» ужо ўсе памерлі.