![]()
Асноўны фінансавы цяжар Еўрапейскіх гульняў ляжа на плечы беларускіх падаткаплацельшчыкаў. У чэрвені бягучага году ў сталіцы Беларусі Менску пройдуць Другія еўрапейскія спартовыя гульні. Што гэта за спаборніцтвы і пад якім соусам “іх ядуць”, толкам не ведаюць нават аматары спорту са стажам. Таму давайце паспрабуем разабрацца. Ідэя правядзення Еўрапейскіх гульняў належыць кіраўніку Алімпійскага камітэту Еўропы (ёсць і такое бюракратычнае аб’яднанне) Патрыку Хікі. Напомню, што першыя падобныя гульні прайшлі ў 2015 годзе ў сталіцы Азербайджана Баку. Як вядома гэтая дзяржава даўно прыватызаваная дыктатарскім сямейным кланам Аліевых. Перад тымі гульнямі медыя і розныя праваабарончыя арганізацыі адзначалі сама маштабныя для постсавецкага Азербайджана рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці краіны. Цэлы шэраг дэмакратычных інстытуцый было зачынена, дзясяткі праваабаронцаў і журналістаў былі жорстка рэпрэсаваныя. Аліеўскі рэжым гэтыя факты адпрэчваў і максімальна стараўся выкарыстаць міжнародныя спаборніцтвы для сваіх прапагандысцкіх мэтаў.