Камітэт ААН па правах чалавека асудзіў забарону пікету ў Слуцку

Камітэт ААН прызнаў парушэньнем правоў чалавека дзеяньні ўладаў Беларусi. Сябра Сойму Партыі БНФ Віталь Амяльковіч атрымаў ад Камітэта ААН па правах чалавека рашэньне па сваёй скарзе. Камітэт ААН прызнаў парушэньнем правоў чалавека дзеяньні ўладаў Беларусі па забароне пікету, які арганізоўваў спадар Амяльковіч у 2011 годзе ў Слуцку, паведамляе narodny. org. Рашэньне Камітэту ААН па правах чалавека датаванае 29 сакавіка 2019 года і датычыць падзеяў, якія адбываліся ў Беларусі у час пасьля брутальнага разгону грамадзкіх пратэстаў у сьнежні 2010 года пасьля выбараў. Тады па краіне паркацілася хвалая арыштаў, ператрусаў, узмацніўся ўціск на палітычных апанэнтаў улады. Дзесяткі людзей былі кінутыя за краты па крымінальных абвінавачаньнях у арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. У лютым 2011 года сябра Сойму Партыі БНФ Віталь Амяльковіч падаў у Слуцкі выканкам заяву на правядзеньне масавага мерапрыемства з мэтай падтрымкі палітычных зьняволеных у Беларусі. Аднак, мясцовыя ўлады забаранілі акцыю, заявіўшы, што “палітычных зьняволеных у Беларусі няма“.