Дзясяткi беларусаў прыйшлі памаліцца ў Курапаты

Малітвы ў абарону Курапатаў рэгулярна праводзяцца ва ўрочышчы пасьля зносу ўладамі крыжоў. Каля трох дзясяткаў чалавек прыйшлі 1 траўня на набажэнства ў Курапаты, у тым ліку грамадзкія актывісты, абаронцы Курапатаў Вячаслаў Сіўчык, Ганна Шапуцька, Ніна Багінская, Валерый Рабцаў, паведамляе «Радыё Свабода». «Я спадзяюся, што хутка тут будуць ня толькі вернікі, што тут будзе паства ўсіх канфэсій, — сказала Ганна Шапуцька. — Трэба верыць і разьлічваць на сябе. Хай нас мала, купка людзей, але мы павінны стаяць як скала. Зьнішчаць нас — усё паўторыцца. Калі не супрацьстаяць гвалту, ён прыйдзе зноў на нашу зямлю». Ніна Багінская нагадала пра падзеі 1988 году, калі на Дзяды (дзень памінаньня продкаў) адбылося масавае шэсьце ў Курапаты, жорстка разагнанае міліцыяй. Супрацьстаяньне з уладамі ў Курапатах працягваецца да гэтага часу, падкрэсьліла Багінская. Фота: «Белсат» Людзі сьпявалі песьні, у тым ліку «Магутны Божа», Ганна Шапуцька прачытала вершы сучаснага беларускага паэта Лявона Цімохіна, на лячэньне якога ад анкалягічнага захворваньня праводзіцца грамадзкі збор сродкаў.