![]()
Чым кіраваўся аўтар палымяных словаў «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай». Францішак Багушэвіч пайшоў з жыцьця 28 красавіка 1900 году. За месяц да гэтага, на тым самым ложку ў сваім маёнтку ў Кушлянах (Смаргонскі раён), хворы 60-гадовы паэт падпісаў фінансавую справаздачу пра адкрыцьцё барэльефа Адаму Міцкевічу ў касьцёле св. Яна ў Вільні — падзея адбылася таемна ад уладаў…Менавiта Багушэвічу належыць выслоўе «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Вядомы ён ня толькі як палымяны паэт, але і востры публіцыст, назіральны рэпартэр, які сумяшчаў гэтую дзейнасьць з працаю адвакатам. Прапануем чытачам нізку разваг і думак Багушэвіча аб жыцьці грамадзтва, узятых зь яго артыкулаў і прыватных лістоў, а таксама своеасаблівыя «правілы жыцьця» нашага клясыка. Пра заняпад краю«У праявах грамадзкага жыцьця, як і ўсюды, здараюцца анамаліі: каму невядомы наш матэрыяльны заняпад? У амаль выключна аграрным краі сельская гаспадарка не дае прыбытку. Пра гандаль нават гаварыць не трэба, даволі сказаць, што цэны на прадукты ледзь-ледзь пакрываюць іх сабекошт».