Кірыла Тураўскі – чалавек выключнага маштабу ў беларускай гісторыі

Сёння - Дзень памяці святога Кірылы Тураўскага. Жыццёвы шлях Кірылы Тураўскага, гэтага выдатнага сына нашай зямлі пачаўся ў старажытным Тураве, піша сайт jivebelarus. net. Родны горад Кірылы быў сталіцай моцнага княства і адным з галоўных агменяў усходне-славянскай асветы. У багатых тамтэйшых кнігазборах захоўвалася рукапіснае Тураўскае Евангелле XI ст. , самая старажытная з вядомых вучоным кніг, створаных у Беларусі. Жыццяпіс Кірылы Тураўскага не паведамляе дакладных датаў пачатку і канца яго зямной дарогі. Вядома, што ён быў сынам багатых бацькоў, але богатества і славы тленныя мира сего яго не вабілі. Спачатку ў бацькоўскім доме, а потым у мясцовым епіскапскім манастыры будучы пісьменнік атрымаў высокую адукацыю, засвоіўшы веды і ідэі і візантыйскага, і рымскага свету. Ёсць падставы лічыць, што Кірыла вучыўся ў Кіеве. Жыццяпіс паведамляе, што ён добре извыче святых книг поучению. Імкненне глыбей спасцігнуць мудрасць божественных писаний прывяло юнака да намеру прыняць манаскі чын.