Як і навошта палешукі ўпрыгожваюць крыжы на Вялікдзень

Фотарэпартаж з паўднёвай Беларусі. Традыцыя ставіць у паселішчах драўляныя (а пазьней і мэталічныя) крыжы прыйшла на тэрыторыю Беларусі разам з хрысьціянствам. Паступова ў кожным рэгіёне ўсталявалася свая традыцыя аздабленьня і разьмяшчэньня гэтага хрысьціянскага сымбалю. У падарожжы па поўдні Пінскага раёну на пачатку красавіка 2019 году карэспандэнты Свабоды сабралі калекцыю зь некалькіх дзясяткаў здымкаў своеасаблівым чынам упрыгожаных крыжоў. Падобны стыль аздабленьня трапляўся толькі на поўдзень ад ракі Піны. На поўнач ад яе стыль упрыгожваньня зьмяняецца. «Мы самі штогод упрыгожваем крыжы, — расказала Свабодзе стараста вёскі Семехавічы Антаніна Чугай. — Скідваемся па 10 рублёў, хто колькі можа, набываем стужкі, кветкі, ручнікі і ўпрыгожваем. У нас тут тры крыжы ў вёсцы. Адзін у цэнтры, і два — на ўезьдзе і на выезьдзе. Цяпер, праўда, у вёску толькі адна новая дарога вядзе, старыя не выкарыстоўваюцца зусім. Аднак мы тыя крыжы ўсё адно ўпрыгожваем». Жыхары Семехавічаў аздабляюць стужкамі і ручнікамі ня толькі крыжы.