![]()
Крыжоў на беларускай зямлі не стане менш, колькі б іх не нішчылі. Даўно гэта было. Я тады толькі пачынаў пісаць фельетоны для “Нівы”. І добра памятаю, як мне тэлефанаваў перад святам Светлага Хрыстовага Ўваскрасення рэдактар тыднёвіка беларусаў Польшчы Яўген Вапа ды тлумачыў, што там ад гарадзенскага аўтара хацелі б даведацца беларускамоўныя чытачы па другі бок мяжы ад таго месца, адкуль той аўтар нешта грызмоліць сваім графітавым алоўкам. Вядома ж, хацелі б даведацца як ў Гародні святкуюць Вялікдзень. У які колер яйкі фарбуюць, калі асвячаюць, з якім настроем ідуць да царквы, і з якім з царквы дахаты. Хто там ў хаце за сталом, што там на стале. Ля якой іконы знаходзяцца асвечаныя тыдзень таму вербачкі і чым яны ўпрыгожаныя. Ну і ўсё такое падобнае хацелі б даведацца чытачы Нівы. Зараз як успомніш, дык сэрца напаўняецца цяплом. Якія светлыя і натхнёныя фельетоны мы дасылалі з Беларусі! Беларускае духоўнае Адраджэнне крочыла нага ў нагу з Адраджэннем нацыянальным, і беларусы з другога боку мяжы хацелі цешыцца гэтымі працэсамі разам з тымі, хто быў іх натхняльнікамі і непасрэднымі ўдзельнікамі тут у Беларусі.