![]()
Для Беларусі вельмі важна нагадваць аб катастрофе на Чарнобыльскай АЭС. На „Чарнобыльскі шлях” у Менску прыйшла і 72-гадовая актывістка апазіцыі Ніна Багінская. Яе ўжо дзясяткі разоў затрымлівалі, трымалі ў пастарунках і штрафавалі. Аднак яна ўпарта ходзіць на апазіцыйныя акцыя. „Рэпрэсіі мы перажывём, а вось пра Чарнобыль трэба памятаць,” — кажа racyja. com жанчына. – Нельга дапусціць паўтор Чарнобыля – Астравецкую АЭС. Нам яна непатрэбная. Эканамісты ўсё падлічылі, аказалася, яна нам невыгадная. Не будзе збыту энергіі. Я ў гэтым не спецыяліст, але я веру, што ўсё састарэлае, што нам Масква спіхвае як у калонію, тое не будзе доўга працаваць. Каб не паўтарылася Чарнобыльская аварыя, перадусім, трэба хадзіць кожны год… Так было з 1997-га года, калі нас пачалі разганяць брутальна. Але па словах Ніны Багінскай, яна верыць, што нягледзячы ні на разгоны, ні на затрыманні, „Чарнобыльскі шлях” будзе працягвацца. - Я лічу сваім абавязкам у дзень 33-й гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай АЭС прайсці традыцыйным „Чарнобыльскім шляхам”, дазволены ён ці не, — кажа кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў, які ўдзельнічаў у „Чарнобыльскім шляху” ў Менску.