У Вільні вырашылі, калі перапахаваюць паўстанцаў Каліноўскага

Урачыстасьці заплянаваныя на Дзяды. У Вільні прайшла сустрэча прадстаўнікоў Беларускага грамадзкага камітэту памяці паўстанцаў 1863–1864 гадоў зь віцэ-канцлерам ураду Літвы Дэйвідасам Матулёнісам. На ёй было пацьверджана, што прозьвішчы ахвяраў расейскай акупацыйнай адміністрацыі, парэшткі якіх знайшлі на Замкавай гары, будуць напісаныя на трох мовах — літоўскай, польскай і беларускай, паведамляе «Радыё Свабода». Мэмарыяльныя ўрачыстасьці заплянаваныя на дзень ушанаваньня памерлых продкаў — Дзяды, 2 лістапада 2019 году. Беларусь прадстаўляе грамадзянская супольнасьцьНа пачатку 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні здарыўся апоўзень, а неўзабаве яшчэ адзін. Паўстала пагроза, што можа не ўтрываць славутая вежа, помнік гісторыі і культуры ХIV стагодзьдзя. У студзені 2017-га першымі там пачалі працаваць археолягі — літаральна празь некалькі дзён ім адкрылася пахавальная яма, у якой, згодна з пазьнейшымі антрапалягічнымі дасьледаваньнямі, ляжаў Кастусь Каліноўскі. Агулам знайшлі парэшткі 21 паўстанца, адзін зь іх дагэтуль не апазнаны.